|
|
GSpay - iatp merchant account provider. |
ЭўраФокус |
|
Сярэднявечны фестываль НАВАГРАДАК-2000
Грандыёзнае відовішча ў чэрвені 2000 г.
24 – 25 чэрвеня адбылася выдатная падзея ў культурным жыцьці Беларусі (а можна нават сказаць, што і ў жыцьці ня толькі Беларусі, а й іншых эўрапэйскіх краінаў). Каля 120 рыцараў з шасьці краінаў сьвету (Беларусь, Літва, Латвія, Польшча, Расея, Эстонія) вярталі старажытны Навагрудак ў XIV стагоддзе – жыхары горада і яго госьці назіралі інсцэніроўку падзеяў 1314 года, калі “вялікае войска крыжакоў на чале з магістрам Тэўтонскага ордэна Генрыхам фон Плоцке абклала Навагрудскі замак і пачало яго штурмаваць камнямётамі”. Да інсцэніроўкі былі запрошаныя клюбы, якія займаюцца рэканструкцыяй венна-гістарычнага адзеньня, узбраеньня і побыту. Для стварэньня найбольш непасрэднай атмасьфэры сярэднявечча арганізатары Фэстывалю на Замкавай Гары часова дабудавалі разбураную вежу і частку замкавай сьцяны. Праграма Фэстывалю не абмяжоўвалася толькі інсцэніроўкай ваеннай баталіі. Яна аб’ядноўвала ў адзінае арганічнае шоў як ваенна-гістарычную тэматыку, так і музыку разам з танцамі:
Месца правядзеньня Фэстывалю было абрана зусім не выпадкова. Навагрудак –месца, дзе каранаваўся першы літоўскі манарх - Міндаўг, першая сталіца Вялікага княства Літоўскага. У горадзе захаваліся сярэднявечныя планіроўка ды забудова, Замкавая Гара. За апошнія гады мясцовыя ўлады правялі даволі значную працу па добраўпарадкаваньню гораду, стварыўшы тым самым на Беларусі ідэальную “плошчу” для фэсту такога кшталту.
Навагрудскі замак існаваў з Х стагоддзя да пачатку XVIII. Ён зьмяшчаўся на Замкавай гары (насып вышынёй 20 м). Гэта яскравы прыклад імкненьня дойлідаў максімальна выявіць прыродныя дадзеныя і скарыстаць іх на патрэбы абароны.З поўначы і паўночнага ўсходу Замкавая гара была умацаваная ірвом глыбынёй 10 м і шырынёй 10-12 м, а таксама земляным валам вышынёй каля 6 мэтраў і шырынёй пры аснаваньні 27 мэтраў. У другой палове XIII ст. была пабудаваная чатырохвугольная ў пляне (12х12 м) абарончая вежа зь вялікіх камянёў на вапне – Шчытоўка (Шчытавая, Цэнтральная). Пяціпавярховая, яна мела меньшыя памеры (11,4х11,4 м), і нагадвала формай прызму. Напрыканцы XIV ст. былі дабудаваныя яшчэ тры каменныя трохпавярховыя вежы: Касьцёльная (9х9 м), Малая брама (8х8 м, мела дзвярны праём вышынёй 3 і шырынёй 1,6 м) і Пасадская (7,7х7,7 м). Дзеля больш надзейнага забесьпячэньня замка вадой на ўсходнім склоне над крыніцай была пастаўлена Калодежная вежа (8х8 м), якая зьвязвалася праслам сьцяны зь верхнімі сьценамі замка. Унутры вежы існаваў спэцыяльны праход да вады. У канцы XV – напачатку XVI ст. былі пабудаваныя апошнія дзьве вежы – Дазорца (14х14 м) і Месцкая. Паміж вежамі Дазорца і Шчытоўка было пабудавана каменнае прасла сьцяны, якое замкнула кола замкавых пабудоў.У часы позьняга сярэднявечча Навагрудскі замак быў адным з самых моцных у Вялікім Княстве . Яго безупынна ўдасканальвалі ў мэтах супраціву новай асаднай тэхніцы і тактыцы. У XIV – XIX стст. на тэрыторыі Навагрудскага замка знаходзілася царква, у якой да 1775 г. праходзілі сэсіі Трыбунала Вышэйшага апеляцыйнага суда Вялікага Княства Літоўскага. У 1706 г. замак быў падарваны швэдамі.
Хутка дождж павольна сьціхае і пакідае над намі шэрае крывіцкае неба. Нізкія хмары імкліва нясуцца над рэшткамі вежаў на Замкавай гары. У рыцараў пасьля ўсяго, што было выпіта ўчора, настрой таксама панура-сярэднявечны. Відавочна, што арганізатары ня надта сьпяшаюцца. Тым часам гледачоў ужо сабралося шмат, ад касьцёла да кургана Міцкевіча амаль няма вольнага месца. Нехта падыходзіць да мікрафону ды абвяшчае, што штурм пачнецца згодна раскладу, гэта значыць праз 1,5 гадзіны. Ніхто не пратэстуе, усе разумеюць, што сапраўдная рэканструкцыя павінна аднавіць усе дробязі, нават нямецкую пунктуальнасьць. Гледачы не разыходзяцца, баяцца згубіць месца, хто п’е піва, хто разглядае мадэрновыя боты, што відаць з-пад спадніц “прекрасных дам” у сярэднявечных строях, нейкі хлопец зьязджае верхам на шчыце з гары – бурлівыя воплескі. Але бальшыня, у асноўным менчукі, проста зачараваныя выглядам навакольля, прыціснутыя да свайго месца моцнай энергіяй, харызмай, якую горад не згубіў і праз стагоддзі правінцыйнасьці і забыцьця. Перад пачаткам бою вядучы прадстаўляе ўдзельнікаў, па-ранейшаму, доўга распавядае аб нейкім спадары з Санкт-Пецярбургу, які першым у СССР (“нашай краіне”) пачаў займацца рэканструкцыяй сярэднявечча, яшчэ колькі словаў пра “русско-литовское войско” і ўсё зразумела – “маскаль”, “не въезжает”. Ужо пасьля гэтага выступу было адчуваньне, што атмасьфэра, якую ўдалося “ухапіць” гледачам у час чаканьня, канчаткова згублена. Але ў такія моманты я больш схільны зважаць на рэакцыю дзяцей, якія давалі веры ўсяму, што адбывалася: - Бацька, хто гэта ? - Гэта немцы, нашы ворагі, былыя ворагі. На замку – нашы. Зараз немцы будуць нас атакаваць. - Ой, НАС? - Ды не, не нас, а замак!… Недзе напрыканцы “сечы” гледачы нават пачалі ўскокваць з месцаў ды скандаваць “Жыве Беларусь!”. Нават некаторыя “нябошчыкіі”, што ляжалі ля замку на гары, паўскоквалі і далучыліся да бойкі ў нізе ў былым рве, што сапраўды выглядала вельмі натуральна. Ну канешне ж, нашы перамаглі.
АЛЯКСАНДР АБРАМОВІЧ.
|
|||||||||||||